парода буйной рагатай жывёлы мяснога кірунку. Выведзена як малочна-мясная і рабочая жывёла ў 18 ст. ў Францыі, у р-не Шарале (Charolais) паляпшэннем мясц. горнай жывёлы; у 19 ст. скрыжоўвалі з шартгорнскай пародай. Пашырана паўсюдна. На Беларусі асн. яе племянная гаспадарка «Дружба» Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя. Касцяк масіўны. Тулава доўгае, яго пярэдняя і задняя ч. развіты прапарцыянальна. Галава невялікая, кароткая і шырокая з доўгімі закругленымі рагамі. Шэрсць доўгая, тонкая, хвалістая. Масць крэмава-белая, насавое «люстэрка» ружовае, рогі і капыты васковага колеру. Маса быкоў 1000—1200, кароў — 700—800 кг. Забойны выхад 60—70%. Скараспелыя. Непатрабавальныя да ўмоў утрымання, добра акліматызуюцца.